Да гадаіны забойства Кубэ

Як на нашай старане
Лепей не кранай мяне,
Бо вазьму ў рукі зброю
Ды ў зямлю цябе зарою!


1
Кожную раніцу, адыходзячы на працу, маці абавязкова пакідала мне патроху грошай, каб я, купляючы сабе цыгарэты, як мага найхутчэй сканаў.Бацька нават ужо і труну замовіў, дубовую, аздобленую ружовым аксамітам.Я ведаў, што яе паставяць у залі на трох табурэтках, накрытых чорным абрусам.Навокал пасядуць людзі , што прыйдуць пабачыць мяне ў апошні раз.
Я буду ляжаць у труне, ўбраны ў нацыянальны строй, які я скраў быў колісь, працуючы грузчыкам у Абласным, чамусьці званым "рускім", тэатры.
Музыкі ніякай ня будзе.Інтэр'ер пакою дапоўніць вянок " Ад таварышаў у Супраціве."

2

- А няхай Яго чорт возьме!Бывайце да сустрэчы!- з гэтымі словамі я кінуў па звычцы недакурак у лужыну й ускочыў у тралейбус. Ужо ў салёне я адлічыў грошы і, торкнуўшы некага ў плечы, прамовіў без аніякага "калгаснага" акцэнту:-Передай там на талон!
А ў нядзелю, калі я стаяў у касьцёле, апрануты ў бялюткую комжу, уважліва слухаючы кожнае слова, счытанае сьвятаром зь імшала, дык меў такі дурнавата-пабожны выгляд, што аніводзін агент сілаў бясьпекі ня здолеў бы, відаць,вылічыць, што я - змагар супраць акупацыйнага рэжыму.

3

- У Бабруйску няма батонаў! Няма на што мазаць масла!- абуралася нейкая кабеціна ў вагоне дызэлю, каторы ледзьве цягнуўся з А ў Б.
- Дурніца ты!Дзякуй Богу, што ёсьць хоць масла!- адказаў ёй нейкі дзядзька.
Зьявілася кандуктарка ў суправаджэньні дзябёлага хлопца ва ўніформе колеру сьмецьцяНават на рукаве ў яго была нашыўка, дзе было па-расейску напісанае скарочанае слова "сьмецьце".

4

Шточацьвер у Менску ля помніка Прароку ладзіліся паэтычныя чытаньні.Мы, бедныя студэнты, таксама хадзілі туды, быццам ня ведаючы іншых спосабаў баўленьня вольнага часу. Файныя дзеўкі, якіх мы бачылі там, былі ўжо занятыя іншымі, мабыць яшчэ большымі Беларусамі, ніж мы былі на той момант.
І таму, вяртаючыся позна дахаты ў перапоўненым галоднымі з працоўнага дня пралетарамі, да якіх зрэдчас дамешваліся іншыя сацпраслойкі,-аўтобусе, я міжволі думаў, што н а м, мусіць, і ня варта злучаць свае лёсы зь Беларускамі, у ідэйным сэньсе гэтага слова.

5

- А мо' ня трэба? Мо' ён сам як-небудзь? Сярожка, га? То Мікола, мой сябар.Ён ішоў за мной, ледзь пасьпяваючы.Мы блукалі па незнаёмых менскіх вулачках. Была ноч .Поўня.
- Не! Трэба! Трэба ўжо сёньня! Бачыў надпіс у клязэце: "Беларусь спасёт снайпер!"? А ўвогуле, я не прымушаю, можаш ісьці дадому. Ідзі! Жыве!?
- Жыве вечна! Пайду...
А раніцай аб маім гераічным учынку першай на ўвесь вольны сьвет загаманіла Беларуская Служба радыё "Свабода." Потым далучыліся астатнія…

1998

 

Хостинг от uCoz